У апошні дзень зімы прайшоў 7 этап.
Надвор'е спрыяла добраму настрою і выдатнай гульні!
15 жадаючых пазмагацца на хакейным полі падзяліліся на 2 групы. Фармат быў нестандартны: гулялі серыямі да 2-х перамог. Першая чацвёрка з кожнай групы праходзіла ў плэй-оф, астатнія аб'ядноўваліся для барацьбы за медалі Першай лігі.

У 1 групе прайшлі наперад: Эдуард Куратнік, Уладзімір Сліж, Вадзім Крыніцкі (у яго перамогі над Далговым і Акінфіным) і Аляксандр Далгоў. Крыху не хапіла Андрэю Акінфіну.

З ім у кампаніі апынуліся Ганна Сліж і Вадзім Пасылкін. Аня, дарэчы, абыграла Вадзіма ў серыі, ліха забіваючы левым абаронцам у авертаймах.

У 2 групе чацвёрка наймацнейшых набрала аднолькавую колькасць ачкоў: Мацвей Шыркавец, Аляксей Краўчанка (ён абыграў Мацвея і Аляксандра Бартоша), Аляксандр Бартош і Міхаіл Чарнабай. Месцы размяркоўваліся па набраных балах у мінітурніры чатырох і агульнай розніцы шайбаў. У Першую лігу сышлі Аляксандр Шыркавец, Аляксандр Авін, Ігар Карпаў і Іван Гілевіч. Варта адзначыць гульню Ігара: яму ўдалося ўзяць разавыя перамогі над Аляксеем Краўчанка, Аляксандрам Шыркаўцом і Іванам Гілевічам. Даўно Ігар не гуляў, яму б пабольш спарынгаў, рваў бы супернікаў, як Тузік грэлку! Манера гульні вельмі падобная на гульню Леаніда Лысенкі: такія ж хвосткія і нечаканыя па сваёй моцы ўдары.


На Першую лігу не застаўся толькі Іван, астатнія правялі двухкругавы этап.

Медалі дасталіся:
Золата - Андрэю Акінфіну;
Срэбра - Аляксандру Авіну;
Бронза - Аляксандру Шыркаўцу.


Ігар, Аня і Вадзім засталіся у ніжняй палове табліцы.
Але ж трымаліся яны ўсе вельмі мужна!!


У плэй-оф Вышэйшай лігі гульцы 1-ай групы выходзілі на гульцоў 2-ой.
Эдуард Куратнік абыграў Міхаіла Чарнабая - 4:0.

На жаль, Мацвей Шыркавец не змог працягнуць удзел у турніры, і яго апанент Аляксандр Далгоў прайшоў далей без бою.

Захапляльная серыя атрымалася ў Аляксея Краўчанкі і Вадзіма Крыніцкага.

Перамагалі адзін аднаго па чарзе. Дайшлі да авертайма ў 7-ым матчы. А да гэтага Вадзім двойчы сканчаў авертаймы на сваю карысць. Але ўдача цяпер апынулася на баку Аляксея, і ён прайшоў далей - 4:3.
У пары Уладзімір Сліж - Аляксандр Бартош напал быў ані не меншы. Да 7-ай партыі Валодзя таксама ўзяў 2 матчы ў авертайме. Аляксандру ўдалося не даводзіць справу да рулеткі і скончыць перамогай у асноўны час - 3:4.

Прайграўшыя сышліся ў матчах за 5-8 месцы.
Уладзімір Сліж і Міхаіл Чарнабай зноў сустрэліся. Міша даў бой. Зноў гулялі 7 матчаў і зусім ледзь-ледзь не хапіла Мішы.

А Валодзя далей гуляў з чакаўшым яго Вадзімам Крыніцкім.
Сёння Вадзім быў ва ўдары. У яго многае атрымлівалася і ў групе і цяпер у плэй-оф. Вадзім вырваў 5 выніковае месца ў турніры перамогай над Валодзем - 4:3!


А наперадзе было самае цікавае: паўфіналы Вышэйшай лігі.
У першым гулялі: Аляксандр Бартош і Аляксандр Далгоў. Супернікі па чарзе абменьваліся перамогамі. У шостым матчы ўдача ў чарговым авертайме зноў апынулася на баку Далгова. Вынік - 2:4.

У Бартоша да гэтага моманту ўжо 6 прайграных авертаймаў за дзень супраць 1 пераможнага... Не яго дзень...
У другім сустракаліся Эдуард Куратнік - Аляксей Краўчанка. Аляксей ліха пачаў, павёўшы ў серыі 2:0. Эдуард адзін матч адыграў, але наступнай перамогай Аляксей павялічвае адрыў! Здавалася, наспявае сенсацыя... У пятым матчы - перамога за Эдуардам! Шосты - дагуляліся да авертайма, а там зноў поспех на баку Эдуарда! У вырашальным Эдуард таксама перамог, хай і з мінімальнай перавагай у 1 шайбу.

Серыя годная фіналу!

У матчы за 3 месца Аляксандр Бартош абыграў Аляксея Краўчанку - 4:1 (а прайграў 1 матч зноў у авертайме)). Абодва яны стаміліся ад сённяшніх няўдач...

Фінал.
Як ні стараўся Аляксандр Далгоў, а нічагуткі не змог ён зрабіць з Эдуардам Куратнікам. А стараўся ён, як заўсёды, моцна і самааддана, ужываючы ўсе свае ўменні і навыкі...
А Эдуард адбіўся, малайчына!

Медалісты:

Сустракаемся 28 сакавіка!
Праводзім наш традыцыйна цікавы MINSK CUP!!

